Вольная Беларусь

Нацыянальна-вызвольны рух

Разьвітаньне зь беларускім героем Міраславам Лазоўскім

26 траўня 2023 у Кіеве адбылося разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім – адным з заснавальнікаў патрыятычнай арганізацыі “Белы Легіён”, які загінуў пад Бахмутам як ваяр Палка Каліноўскага.

Заява Палка: “Сёньня мы разьвіталіся з нашым пабрацімам Міраславам Лазоўскім. Жыцьцё чалавека ўнікальнае, непаўторнае і ад гэтага мае вялікую каштоўнасьць! Міраслаў змагаўся за гэта ўсё сваё жыцьцё, ня толькі словамі, але і справай. Ён быў беларускім грамадска-палітычным дзеячам, кнігавыдаўцом, адным зь лідараў “Белага легіёну, і адным з найпрафесійнейшых баявых камандзіраў Палка Каліноўскага. Ён аддаў сваё жыцьцё, каб наступнае пакаленьне не жыло ў рабстве. Бо рабства гэта найгоршае прыніжэньне для вольнага чалавека. Міраслаў змагаўся з гэтым злом да канца свайго жыцьця! І загінуў Міраслаў як сапраўдны герой, у баю, прыкрываючы адыход параненых пабрацімаў. Ён памёр вольным, выбіраючы сам, а не па загадзе страху ці страсьці. Нават страх сьмерці ня можа зьмяніць дзеяньняў вольнага чалавека, бо ён вольны ад улады страху. Ён вышэй за страх. Ён гаспадар страху, а не яго парабак. Толькі ў свабодзе чалавек можа любіць, і няма большага каханьня, калі чалавек пакладзе душу сваю за сяброў сваіх! Гэта і ёсьць дух воіна, выбар, каханьне і свабода, і вышэйшая ўзнагарода – бесьсьмяротнасьць! Мы ніколі не забудзем цябе. Сваёй працай ты надыхаў і будзеш надыхаць тых, хто стаяў побач з табой у гэтай вайне з Расеяй. Ты стаў у шэрагі лепшых з нас і ўжо зь нябёс глядзіш, як мы працягваем нашу агульную справу. Сёньня кожны з нас апошні раз сказаў табе тое, што хацеў, але не пасьпеў пры тваім жыцьці… Мы абавязкова пераможам! Жыве Беларусь і Слава Украіне!”

Падзяліцца ў сваіх сац сетках: