Вольная Беларусь

Нацыянальна-вызвольны рух

ПРЫЕЗД ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА НА ФРОНТ БЫЎ ПАЗІТЫЎНЫМ ШОКАМ

Інтэрв’ю з Паўлам Усавым для Белсат.

Зянон Пазьняк і Павел Усаў прыехалі ў Бахмут схіліць галовы перад беларускімі байцамі з Палку Каліноўскага. Як выглядала спатканьне зь беларускімі добраахвотнікамі? Як цяпер украінцы бачаць Беларусь і яе будучыню пасьля вайны? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Паўлам Усавым, палітолагам, прадстаўніком руху «Вольная Беларусь».

Сяргей Пеляса: Ці можа візіт Зянона Пазьняка ўзмацніць супрацу беларускага народу з украінскай дзяржавай? Як ён паўплывае на полк Каліноўскага? Працягваецца ваш і Зянона Пазьняка візіт ва Украіну. Як здарылася, што каліноўцы пусьцілі вас у сьвятая сьвятых, у сваю дыслакацыю, а таксама на перадавую пазіцыю ў Бахмуце?

Павел Усаў: Каліноўцы даўно запрашалі Зянона Станіслававіча і мяне прыехаць ва Украіну. Тым больш у траўні мінулага году я наведаў полк Каліноўскага, яшчэ ў Кіеве. Прачытаў лекцыю. Чаканьні да таго, што Зянон Станіслававіч прыедзе, былі вялікія. Шмат для каго гэта стала пэўнай нечаканасьцю і сюрпрызам, калі Зянон Пазьняк і мы разам прыехалі на пазіцыю ў Бахмут. Гэта быў прыярытэт – прыехаць у полк Каліноўскага. Яны гэты візіт арганізавалі і запрасілі – і фактычна забясьпечылі наш праезд туды. Я думаю, што для нас і для іх гэты візіт быў вельмі важны. У сэнсе псіхалагічным, ідэалагічным і маральным. Для ўсіх, у тым ліку і для беларусаў замежжа і ўнутры краіны, гэта быў знакавы, на маю думку, палітычны візіт – перш за ўсё для Палку Каліноўскага.

Як на полк Каліноўскага можа паўплываць візіт карыфея беларускай палітыкі, які прыехаў з вамі і Зьміцерам Шчыгельскім? Вядома, што там ваююць досыць маладыя людзі, якія не памятаюць Зянона Пазьняка з 1990-х. Гэта чалавек, скажам так, існуе ў інтэрнэце, у сферы віртуальнай палітыкі. Тут фізічна прыязджае Пазьняк, з імі размаўляе. Як выглядала атмасфера сустрэчаў?

Цудоўная атмасфера, калі сустрэліся аднадумцы, людзі на адной хвалі, якія маюць аднолькавае бачаньне будучыні Беларусі. Гэта быў узаемны абмен пазітыўнай энергіяй Зянона Станіслававіча. Ён заўсёды падкрэсьліваў, што пакамунікаваў са сваімі людзьмі, якім мог перадаць свой аўтарытэт, энергію і бачаньне будучыні Беларусі. Было абсалютнае паразуменьне. Той факт, што Зянон Пазьняк прыехаў на пазіцыі, шмат для каго быў пазітыўным шокам. Напэўна, байцы не чакалі, што нехта з палітыкаў можа прыехаць так далёка, дзе існуе вялікая рызыка. Нягледзячы на тое, што нас суправаджалі, рызыка абстрэлу заўсёды існавала. Таму наш візіт і візіт Пазьняка выклікаў перш за ўсё павагу – што ёсьць акрамя дэкларацыяў пэўныя крокі і захады, падтрыманьне, якое гучыць не на словах, а ў дзеяньнях. Вельмі важна, каб вы зразумелі, што для людзей, якія ўвесь час на мяжы жыцьця і сьмерці, вельмі важнае такое маральнае падтрыманьне і адчуваньне адзінства на чалавечым узроўні. У гэтым была нашая мэта і прыярытэт візіту. Не данесьці нейкую ідэю, канцэпцыю ці нешта даказаць – а папросту схіліць галаву перад байцамі, якія рызыкуюць жыцьцём, выказаць павагу. Гэта людзі, якімі трэба ганарыцца, сумленныя людзі. Людзі, якія безь вялікіх ідэяў і спадзяваньняў рызыкуюць сваім жыцьцём. Гэта гонар на сёньняшні момант.

Вы таксама сустракаліся ва Украіне з украінскімі палітыкамі. Ці можна разьлічваць, што супраца беларускага народу – я не кажу цяпер пра палітычныя плыні, але агулам беларускага народу, які хоча разам з украінцамі ў еўрапейскую сям’ю народаў вярнуцца, – ці гэта супраца можа быць лепшай? Часам зьяўляюцца праблемы з фармальнасьцямі, відамі на жыхарства, грамадзянствам – ці можна разьлічваць, што пасьля гэтага візіту ўкраінцы будуць больш увагі надаваць беларусам? Ня толькі добраахвотнікам, але агулам беларусам, якія цяпер ва Украіне.

Калі мы кажам пра размовы з журналістамі і палітыкамі, гэта быў асноўны пастулат. Як зламаць той негатыўны мур, які ўзьнік пасьля таго, як Беларусь стала часткай расейскай агрэсіі? Найперш ёсьць разуменьне з боку журналістаў і палітыкаў, што Беларусь цяпер пад акупацыяй. Што Беларусь як народ ня ёсьць саюзьнікам Расеі. Ёсьць абсалютнае разьмежаваньне, чым ёсьць рэжым Лукашэнкі і чым ёсьць беларускі народ. Пытаньне было толькі ў стратэгічных падыходах да Беларусі. Да апошняга моманту, і гэта трэба разумець, з боку ўкраінскіх уладаў быў ключавым аспект недапушчэньня таго, каб Лукашэнка ўключыўся ў актыўную вайну супраць Украіны. Ніякіх ілюзіяў у дачыненьні яго няма, але ўсё ж гэта было першым пунктам у бачаньні месца Беларусі ў гэтай вайне. Папросту – прынамсі не ўваходзьце, не станавіцеся часткаю расейскай агрэсіі.

Цяпер гэтая парадыгма зьмяняецца. На парадак дня ўваходзіць: што рабіць зь беларусамі і Беларусьсю, бо напэўна чулі розныя размовы і пытаньні ўкраінскіх журналістаў экспертам: навошта нам Беларусь? Цяпер гэтага пытаньня не стаіць. Цяпер ёсьць разуменьне таго, што Беларусь патрэбная. Як на перыяд вайны, так і на паваенны перыяд. На ваенны перыяд ёсьць падыход, і ён зьмяняецца – адносна таго, што неабходна змагацца за беларускі народ, прынамсі на ўзроўні інфармацыйным.

Мы бачым, што Беларусь застаецца пад сур’ёзным прапагандысцкім уплывам Расеі. Нягледзячы на тое, што большая частка беларусаў ня хоча, каб Беларусь уступала ў вайну і беларусы ваявалі. Тым ня менш, агрэсіўнае ўзьдзеяньне прапаганды можа прынесьці плён. Ствараецца негатыўны вобраз Украіны, Захаду, намагаюцца стварыць пазітыўны вобраз Расеі. Гэтак мабілізаваць частку беларускага насельніцтва на свой бок. У інфармацыйным псіхалагічным супрацьстаяньні ёсьць сурʼёзныя недапрацоўкі. Калі мы кажам пра пытаньні змаганьня за беларускую сьвядомасьць Украіны і дэмакратычнай супольнасьці, то мы пакуль прайграем расейскай прапагандзе. Безумоўна, і тэхнічныя прыярытэты, і інфармацыйныя магчымасьці ёсьць даволі моцныя на расейскім баку. Але цяпер ёсьць разуменьне і неабходнасьць выпрацаваць канцэпцыі і тэхнічныя справы, каб змагацца за беларусаў і іхную сьвядомасьць супраць Расеі.

Другі момант – паваенны перыяд. Фармуецца яснае разуменьне, што без свабоднай, дэмакратычнай Беларусі цяжка будзе забясьпечыць рэгіянальную сістэму супрацьвагі Расеі, калі тая застанецца. Сёньня прынамсі ў палітычных кірунках гэта прыярытэтныя кропкі, на якія арыентуецца і Полк Каліноўскага, і ўсе дэмакратычныя сілы, у тым ліку і «Вольная Беларусь» у размовах з украінцамі.

Ці можна ўявіць, што ў гіпатэтычнай сітуацыі (думаю, яна набліжаецца), калі Украіна так ці іначай пераможа ў вайне дзякуючы заходняй дапамозе, – Украіна перамагла, а расейскія войскі застаюцца ў Беларусі? Ці Украіна на перамовах будзе дамагацца, каб Расея вывела акупацыйныя войскі? Ці хутчэй рэжым Лукашэнкі застанецца?

Ніхто так далёка не глядзіць. Не вядома, на якіх умовах гэтая вайна скончыцца. Прыярытэтам сёньня застаецца вызваленьне тэрыторыі Украіны разам з Крымам. Умоўна кажучы, дэмілітарызацыя прымежнай зоны з Расеяй, стварэньне гарантыяў бясьпекі Украіны. Гэта праграма-мінімум, на якія накіроўваюцца ўсе сілы і рэсурсы. Ніхто ня ведае, якой будзе Расея ў перспектыве. Вядома, перамовы і пытаньне Беларусі ў гэтым кантэксьце павінныя будуць фармаваць і прадстаўляць беларусы – калі ўвогуле Беларусь будзе лічыцца за субʼект. Бо трэба разумець, што пераносіць вайну ў Беларусь, калі Беларусь сама ня ўключыцца ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны, ніхто ня будзе. На гэта няма ні рэсурсаў, ні палітычнай волі.

У сваю чаргу, ёсьць абсалютнае бачаньне і разуменьне таго, што расейскія войскі не павінны застацца на тэрыторыі Беларусі. Ці гэта будзе ключавой умовай, пытаньнем для Расеі, сёньня ня мае сэнсу абмяркоўваць. Мы ня ведаем, які будзе паваенны сьвет. Усе разумеюць, што бязь зьмены рэжыму ў самой Расеі забясьпечыць доўгатэрміновы мір у гэтым рэгіёне ніхто ня зможа. Аўтарытарная Расея пуцінская ці постпуцінская будзе заўсёды пагрозай, у тым ліку і для Беларусі. Гэтае разуменьне ёсьць. Але як будзе выглядаць канфігурацыя, ніхто сёньня не адважыцца казаць.

Мы самі, беларусы, дэмакратычная супольнасьць, павінны нейкім чынам фармаваць гэты парадак дня. Самі для сябе зразумець, як можа выглядаць паваенны сьвет, якое месца будзе ў Беларусі, у якім стане яна выйдзе з гэтай вайны. Беларусь таксама будзе выходзіць з гэтай вайны. Ці застанецца яна пад акупацыяй, і што зь ёй рабіць беларусам? Ці здолеем мы арганізаваць супраціў і ціск, каб змусіць Лукашэнку вывесьці войскі і больш за тое – сысьці? Сёньня гэтае пытаньне больш важнае для нас, чым для ўкраінцаў. Але мы мусім размаўляць, і я спадзяюся, што фармаваньне нейкага агульнага палітычнага субʼекта з Палку Каліноўскага і іншых нацыянальных дэмакратычных узброеных сілаў будзе спрыяць дадзенаму працэсу.

Крыніца: Белсат

Падзяліцца ў сваіх сац сетках: