Пра тое, як энэргетыка ў цэлым і нафтавая прамысловасьць у прыватнасьці стварае залежнасьць Беларусі ад Масквы, чаму Крэмль вёў супраць Менску энэргетычныя і эканамічныя войны і калі Лукашэнка страціў поле для манэўру. Інтэрв’ю Паўла Усава ўкраінскаму часопісу “Енергобізнес”.
— Якое значэньне маюць энэргарэсурсы для сучаснай Беларусі, яе палітыкі, залежнасьцяў і эканамічнага разьвіцьця?
— Пачнем з таго, што нават сустрэча ў Віскулях, дзе быў падпісаны гістарычны дакумент аб спыненьні існаваньня СССР, першапачаткова планавалася як сустрэча па абмеркаваньні энэргетычных наступстваў палітычнай і эканамічнай дэзынтэграцыі. Ельцын, Шушкевіч і Краўчук павінны былі дамаўляцца пра кошты і далейшае энэргетычнае супрацоўніцтва паміж РФ, Беларусьсю і Украінай.
Падчас дыскусіі пра нафту ўзьнікла ідэя дэзарганізацыі СССР і падпісаньня новай дамовы аб стварэньні СНД (ініцыятыва належала менавіта Барысу Ельцыну, які такім чынам спрабаваў спыніць палітычную канкурэнцыю зь Міхаілам Гарбачовым у Маскве. – Рэд. “Енергобізнес”). Менавіта гэта энэргетычнае пытаньне не дазволіла паставіць кропку ў эканамічных, палітычных і энэргетычных пытаньнях. Цень энэргетычнай залежнасьці, як і залежнасьці ад нафты і газу, істотна вызначыў далейшае разьвіцьцё Беларусі і яе незалежнасьць.
Нават у больш-менш дэмакратычны перыяд да 1994 году Беларусь не змагла цалкам пераарыентавацца на Захад у сваіх эканамічных і палітычных прыярытэтах. Нават Латвія, Літва і Эстонія не змаглі гэтага цалкам зрабіць. Энэргетычная залежнасьць у гэтых краінах захоўвалася да пачатку паўнавартаснай агрэсіі РФ супраць Украіны.
Беларусь была яшчэ больш залежнай, таму што была залежная таксама і ментальна, апроч пытаньня энэргетыкі і рынкаў. Гэта было яшчэ да прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пры гэтым Расея моцна спалучала пытаньні энэргетыкі, зьніжак на энэрганосьбіты і выхаду на расейскі рынак з пытаньнем уласных стратэгічных інтарэсаў і бясьпекі. З гэтым былі зьвязаныя дамоўленасьці па двух ваенных аб’ектах РФ у Беларусі — назіральных пунктах у Баранавічах і Вілейцы. А таксама пытаньне стратэгічнай інтэграцыі — уступленьня ў АДКБ. У 1993 годзе да гэтай арганізацыі далучылася Беларусь.
Беларусь залежная ў пытаньнях спажываньня газу, у пытаньнях транзіту газу і ў пытаньнях нафты, беларускія Нафтан (Наваполацкі НПЗ) і Мазырскі НПЗ цалкам працавалі на расейскай нафце. Гэта давала вялікія фінансавыя дывідэнды рэжыму Лукашэнкі. Зьніжкі на газ і нафту былі накіраваныя на падтрымку той эканамічнай сістэмы — рынкавага сацыялізму, дзе былі праявы старой мадэлі СССР з умоўнай сацыяльнай падтрымкай з боку Лукашэнкі. І гэта працавала да 2020 году.
Арыентацыя на танную нафту і газ спрыяла таму, што эканоміка не рэфармавалася і заставалася пад кантролем дзяржавы. Тут ёсьць палітычныя дывідэнды. Вялікая колькасьць бюджэтнікаў зьяўляецца верным электаратам Лукашэнкі. Эканамічны дывідэнд быў у тым, што эканамічныя працэсы кіраваліся ня рынкам, а інтарэсамі дзяржавы ці Лукашэнкі. Для дзяржпрадпрыемстваў гэта падтрымка, нізкі ўзровень беспрацоўя, сацыяльны кантракт між працаўнікамі і дзяржавай. Гэта пэўны сімбіёз, грамадскі кантракт Беларусі. Дзяржава падтрымлівае адкрыта збанкрутаваныя прадпрыемствы, каб ствараць працоўныя месцы і не ствараць сацыяльнага напружаньня. Такі падыход па-ранейшаму застаецца дамінуючым. Усё гэта толькі дзякуючы таннай нафце і газу.

— А пра якія сумы можа ісьці гаворка?
— Тут розныя перыяды. Ва ўмовах санкцый такая мадэль патрабуе рэгулярнага крэдытаваньня з боку РФ. Гэта дазваляе Лукашэнку перамяшчаць гэтыя рэсурсы ў крытычныя раёны. Паводле ацэнак расейскіх і незалежных беларускіх эканамістаў, з 1994 па 2020 гады РФ прафінансавала беларускую эканоміку на $100 млрд у выглядзе субсідый, зьніжак на нафту, газ і крэдытаў. Гэтыя сродкі стабілізавалі сістэму напрацягу 26 гадоў.
— А як атрымалася, што Польшча, Летува, Славакія, Венгрыя таксама былі завязаныя на перапрацоўку нафты з Расеі, на нафтаправод «Дружба», а ўплыў Расеі значна большы ў Беларусі, у чым адметнасьць?
— Безумоўна, ключавым у гэтай сістэме залежнасьцей быў нафтаправод “Дружба” празь Беларусь і Украіну. Пад нафтаправоды будавалі два беларускія заводы — “Нафтан” і Мазырскі НПЗ. Лукашэнка атрымліваў танную нафту ў РФ, а паліва перапрадаваў у Еўропу. Тавараабарот зь ЕЗ і Расейскай Федэрацыяй быў практычна аднолькавым. Такая сістэма важная для даходаў Беларусі і Лукашэнкі.
У чым розьніца паміж Беларусьсю і, урэшце, Украінай, якая таксама не змагла пабудаваць незалежную энэргетыку? У беларускім выпадку гэта тое, што Лукашэнка прыйшоў на хвалі лозунгаў больш шчыльнай інтэграцыі з РФ і антынацыянальнай палітыкі ў самой Беларусі! Такога не было ні ў Польшчы, ні ў Летуве, ні ў Венгрыі. Акрамя энэргетычнай залежнасьці, Лукашэнка агітаваў за палітычна-культурны ўплыў Расеі ў Беларусі. Праводзілася антынацыянальная палітыка, усё нацыянальнае падавалася як нешта негатыўнае, дэструктыўнае, а беларусы — як “рускія са знакам якасьці”. Так Лукашэнка рабіў Беларусь яшчэ больш залежнай ад Масквы.
— Атрымліваецца, што палітычна-культурны ўзровень Лукашэнка аддаў Расейскай Федэрацыі задарма як нешта нязначнае або тое, што нельга манетызаваць?
— Па-першае, гэта было зроблена для пабудовы аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, які мог сфармавацца толькі на шчыльным саюзе з Расейскай Федэрацыяй. Праз сваю геапалітычную арыентацыю на Маскву Лукашэнка стварыў стратэгічны тыл і стабільнасьць свайго рэжыму.
Па-другое, у 1990-я быў яшчэ адзін момант, які дазваляў Маскве маніпуляваць Лукашэнкам. Інтэграцыйны праект Саюзнай дзяржавы ствараў механізмы, якія дазвалялі Лукашэнку балатавацца ў прэзідэнты. Гэта было яшчэ да таго, як Ельцын прызначыў Пуціна сваім пераемнікам (менавіта Барыс Ельцын падрыхтаваў другую вайну супраць Ічкерыі, што стварыла рэйтынг у расейскай грамадскасьці Пуціну, прызначанаму Ельцыным і яго дачкой новым прэзідэнтам Расеі. — Рэд. “Енергобізнес”). Да гэтага такі варыянт лічыўся магчымым, адным зь лідэраў быў Барыс Беразоўскі. Гэта ня быў магістральны сцэнар у Маскве, але гэта абмяркоўвалася і пэўным чынам даносілася да Лукашэнкі.

— Адносіны з Пуціным не былі простымі. Таму што 2000-я гады прайшлі ў газавых войнах ня толькі паміж Украінай і РФ, але і паміж Беларусьсю і Масквой, хоць цяпер пра гэта забыліся. Чаму так адбывалася?
Я б назваў гэта энэргаэканамічнымі войнамі, бо гаворка ішла ня толькі пра энэргетыку. Гэта сістэмная расейская палітыка па пашырэньні залежнасьці Беларусі ад Масквы. Гэтыя войны сталіся наступствамі адмовы Лукашэнкі рэалізаваць пажаданьні Крамля ў сферы інтэграцыі, стратэгічнага прасоўваньня інтарэсаў Масквы ў Беларусі ці ў перыяд вырашэньня лёсу асноўных прадпрыемстваў і галінаў эканомікі Беларусі. Кожны раз у гэтых войнах перамагала РФ. Кожны раз Расея прадавала адзін тавар — нізкі кошт газу і нафты — і абменьвала яго на паэтапнае прасоўваньне геапалітычных праектаў Масквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Калі Лукашэнка адмовіўся падпісваць дамовы аб стварэньні Еўразійскай эканамічнай прасторы або саюзу, у гульню ўключыліся эканамічныя рычагі: зьмяншэньне паставак нафты ў Беларусь, падвышэньне кошту нафты і ўвядзеньне энэргетычнага падатку на нафту ў 2019 годзе. Гэта адразу павялічыла выдаткі Беларусі на закупку нафты і зрабіла нерэнтабельнай закупку нафты ў РФ, яе перапрацоўку і продаж у Еўразьвяз і Украіну.
Адносна нядаўні падатковы манеўр Расеі быў зьвязаны з падпісаньнем Беларусьсю 30 інтэграцыйных дарожных карт. Пасьля крызісу 2020 году Лукашэнка падпісаў 28 дарожных карт, якія прадугледжваюць стварэньне наднацыянальных органаў, такіх як супольная падатковая камісія. Гэта элемент прасоўваньня расейскіх фінансавых інтарэсаў. Гэтаксама Масква спрыяе ўвядзеньню адзінай валюты і наднацыянальных органаў палітычнага кіраваньня.

— Санкцыі, якія цяпер уведзеныя, у прыватнасьці, супраць энэргетыкі. Ці ўплываюць яны на тое, каб можна было пачаць працэс абмену санкцый на палітвязьняў?
— Па-першае, трэба разьмяжоўваць розныя санкцыі. Ёсьць індывідуальныя санкцыі, якія былі ўведзеныя пасьля 2020 году супраць Лукашэнкі і яго атачэньня, супраць прадстаўнікоў судовых, сілавых і выбарчых структур. Гэта санкцыі за фальсіфікацыі і рэпрэсіі ў Беларусі. Ёсьць санкцыі супраць лукашэнкаўскіх алігархаў — Алексіна, Зайцава.
Такія санкцыі вельмі балючыя для атачэньня Лукашэнкі, таму што іх фінансавыя схемы былі завязаныя на Еўропу. Ёсьць санкцыі і супраць сям’і Лукашэнкі, бо яны таксама былі зьвязаныя фінансава зь Еўропай.
Ёсьць больш высокі ўзровень санкцый — санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, то бок супраць нафтавай прамысловасьці, супраць нафтахіміі, супраць прадпрыемстваў цяжкай прамысловасьці, калійных угнаеньняў.
Цяпер Лукашэнка спрабуе абысьці санкцыі праз Турцыю, Саудаўскую Аравію і ААЭ. Але буйным дзяржпрадпрыемствам ня так проста будаваць схемы абыходу санкцый. Таму ж «Уралкалію», НПЗ ці МАЗу. Калі ня будзе рынку, то яго і ня будзе.
Па-другое, ёсьць іншы бок. Эканоміка Беларусі пераарыентуецца на расейскі і азіяцкі рынкі, у асноўным на Кітай. Санкцыі супраць дзяржпрадпрыемстваў — гэта найбольшая праблема.
І тут мы маем трэці аспект — магчымасьць абмену санкцый на вызваленьне палітвязьняў.
Як распрацаваць такі механізм? Калі мы гаворым пра магчымасьць абмену, то перадусім гаворка ідзе пра дзяржаўныя прадпрыемствы, якія зьяўляюцца элементам нацыянальнай эканомікі, якая будзе ў Беларусі і пасьля Лукашэнкі.
З аднаго боку, санкцыі ствараюць праблемы для нацыянальнай эканомікі, аслабляюць яе і робяць больш залежнай ад Расеі. З іншага — пасьля падзеньня рэжыму Лукашэнкі трэба будзе аднаўляць эканоміку. І калі беларускую эканоміку зараз разбурыць, то для яе аднаўленьня спатрэбіцца значна больш рэсурсаў.
У той жа час ёсьць і маральны бок. Ці варта гандляваць з тымі, хто выкарыстоўвае дзяржаўную эканоміку для забесьпячэньня рэпрэсій? Бо доля рэсурсаў з нацыянальнага сектару адлічваецца на ўтрыманьне рэпрэсіўнай сыстэмы Лукашэнкі.
Таму знайсьці кампраміс паміж маральна-палітычнымі аспектамі і элементамі рэальнай палітыкі складана.
На мой погляд, гандаль можна весьці датычна элементаў дзяржаўнай эканомікі, а не прыватнага бізнэсу. Тут можна знайсьці кропкі паразуменьня. Аднак хто стане гарантам таго, што Лукашэнка спыніць працэс набору палітвязьняў? Такога гаранту няма!
Хаця з пункту гледжаньня інтарэсаў людзей, якія знаходзяцца ў турмах, трэба рабіць пэўныя крокі, каб іх вызваліць. Бо ўмовы там жудасныя. Калі ў атачэньні Лукашэнкі ёсьць людзі, якія даюць гарантыі — можна пра нешта гаварыць. І Лукашэнка павінен першым пачаць пэўныя крокі. Сёньня такіх крокаў не відаць.

— Тут таксама цяжка прагназаваць зьнешнія дзеяньні Лукашэнкі. Логіка дзеяньняў у 2020 годзе зразумелая — захаваньне ўлады. Але ні пасадка самалёта, ні міграцыйны крызіс не былі неабходныя для захаваньня ўлады, і за гэта ён атрымаў новыя санкцыйныя пакеты. Нават з Украіны, якая ніколі асабліва не імкнулася першай уводзіць абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі. Як усё гэта гарантаваць?
— Тут ніхто ня можа гарантаваць асэнсаванасьць паводзінаў Лукашэнкі. Пасадка самалёта і міграцыйны крызіс зьвязаныя паміж сабой. Тут можна ўбачыць сьляды Крамля. Прынамсі за міграцыйным крызісам могуць стаяць расейскія спецслужбы. Яны яшчэ ў 2011 годзе распрацавалі аперацыю «шлюз». Разумеючы актуальнасьць міграцыйнай тэмы ў Еўропе, Лукашэнка паспрабаваў выкарыстаць гэты фактар для шантажу еўрапейскіх краін. Маўляў, калі вы ўвядзеце супраць мяне санкцыі, Беларусь ня будзе займацца бясьпекай ЕЗ, ня будзе міграцыйным фільтрам для Еўропы. Беларусь выконвала ролю фільтра, таму ЕЗ дапамог пабудаваць памежныя пасты і пункты маніторынгу для ўзмацненьня ўсходняй мяжы ЕЗ. Лукашэнка ў гэтым пытаньні супрацоўнічаў, але таксама разумеў слабасьць Еўразьвязу (асабліва пасьля таго, як летам-восеньню 2015 году Рэджэп Эрдаган прадэманстраваў слабасьць і залежнасьць краін ЕЗ ад міграцыйнай палітыкі Турцыі. — Рэд. “Енергобізнес”).
Лукашэнка хутка вырашыў выкарыстаць гібрыдную атаку на Польшчу і Летуву, бо ЕЗ атрымаў пэўную траўму пасьля міграцыйнага крызісу 2015 году. З боку Крамля была падтрымка такой палітыкі.
У той жа час такія дзеяньні дазволілі ізаляваць Лукашэнку, што выгадна Крамлю. Гэта было ў той час, калі стала відавочнай слабасьць пазіцый Сьвятланы Ціханоўскай на Захадзе, але пасадка самалёта паклала канец спробам кантакту паміж Захадам і Лукашэнкам. Таму што Еўразьвяз ужо быў маральна гатовы вярнуцца да той палітыкі, якую праводзіў да 2020 году, але пасадка самалёта цалкам закрыла гэтае пытаньне. Гэта зацягвала Лукашэнку ва ўсё большую залежнасьць ад Расеі. Дарэчы, для беларусаў гэта азначала зьмяншэньне магчымасьцяў і спосабаў выезду зь Беларусі.

На маю думку, у Расеі разумеюць псіхатып Лукашэнкі і выкарысталі сітуацыю, каб ён страціў умовы для манеўру. Пасьля падзей 2020 году кіраўніком Рады бясьпекі стаў расейскі генерал Аляксандр Вальфовіч. Можна ўявіць, якія тэзісы Расея высоўвала Лукашэнку.
— Да пачатку поўнамаштабнай вайны Украіна купляла шмат нафтапрадуктаў, зімой — электраэнэргіі, аграрны сектар меў патрэбу ва ўгнаеньнях і дызельным паліве. Зараз вялікія патокі энэргіі ва Украіну нерэальныя. Наколькі ўсё гэта ўплывае на эканоміку Беларусі?
— Пасьля Расеі Украіна была другім або трэцім гандлёвым партнёрам: калі лічыць Еўразьвяз як суцэльную існасьць, то Украіна — трэці партнёр, а ў рэйтынгу па краінах — другі. Тавараабарот паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь склаў 7 мільярдаў долараў. І сальда заўсёды было станоўчым для Беларусі. Украіна была таксама важным транзітным шляхам у многіх адносінах. Вайна цалкам зьнішчыла гэты варыянт для эканомікі. Знайсьці такі рынак пакупнікоў складана. Ёсьць праблемы зь ЕЗ, а Кітай хоча не купляць, а прадаваць у Беларусь тавары. Гэта таксама стварыла праблемы для Украіны, але дзякуючы падтрымцы ЕЗ і іншых краін удалося кампенсаваць энэргетычныя страты.
Калі казаць пра сумарныя даходы Лукашэнкі, то гэта ўжо ня мае ніякага значэньня. Ён зьяўляецца вайскова-палітычным інструментам у руках Крамля, рэалізуе ўсе патрэбы Расеі. Беларусь выкарыстоўваецца як стратэгічная прастора для вядзеньня вайны супраць Украіны.
Пры гэтым асабіста Лукашэнка, магчыма, і супраць гэтай вайны, і яго залежнасьць ад Пуціна і страх перад Масквой пасьля 2020 году вялікія. Думаю, адзін тэлефонны званок Пуціна здымае ўсё жаданьне Лукашэнкі будаваць адносіны з Захадам. Фактычна Лукашэнка ўжо страціў стратэгічны кантроль над Беларусьсю.
— Што ж стрымлівае Беларусь ад прамога ўдзелу ў вайне супраць Украіны?
— Беларусы. Дакладней, стаўленьне беларусаў да гэтага пытаньня. Каля 90% насельніцтва супраць удзелу беларусаў у вайне ва Украіне ў любой форме. Тым больш супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў. У Расеі агрэсія Пуціна мае падтрымку, расейцы спакойна ўспрымаюць вялікія страты. У Беларусі такога ня будзе. Пойдуць труны, тады ў Беларусі будуць праблемы, у прыватнасьці, і для РФ. То бок гэта зьвязана хутчэй з магчымымі праблемамі Пуціна ў кантролі над Беларусьсю, таму што тады ў Беларусь трэба ўводзіць дадатковыя вайсковыя і паліцэйскія рэсурсы. І ў Маскве хацелі б захаваць кантроль над Беларусьсю без прамых рэпрэсіўных дзеяньняў і вялікіх кантынгентаў.
Беларусы прымаюць факт прысутнасьці расейскіх войскаў, хоць усё гэта выглядае як акупацыя, але супраць ваенных дзеяньняў з удзелам беларусаў. Акрамя таго, Беларусь рыхтуе мабілізаваных у РФ, разьмяшчае ракеты і самалёты для абстрэлаў Украіны, забясьпечвае тэхнікай.
У гэтым кантэксьце для Украіны важна працаваць з грамадскай думкай беларусаў. Цяпер расейская прапаганда спрабуе зьмяніць стаўленьне да вайны, да ўкраінцаў, але пакуль посьпехаў, падобных расейскім, не дасягнута. Замест гэтага ўкраінская прапаганда павінна паказаць беларусам, чым для іх можа скончыцца гэтая вайна.

— Таму Лукашэнка нядаўна катаў “героя ДНР” на інвалідным вазку на лядовым катку? А потым узгадаў Полк Каліноўскага, маўляў, Зяленскі вас так катаць ня будзе.
— Я ня думаю, што гэта такі хітры ход. Хутчэй ён паказвае, што мы лечым украінцаў, яны ж “нашыя людзі”. Лукашэнка часам нават ня думае, што ён робіць, таму пасылы могуць падацца рознанакіраванымі. З іншага боку, вядома, ён палохае беларусаў вайной і Украінай. Але перш за ўсё паказвае ягоную карыснасьць для Расеі. Я вось так дапамагаю, лячу, важу вашых параненых на вазочку. Гэта яго асабісты фокус, які можа мець рознанакіраваны эфект, падтрымліваючы як расейскі наратыў, так і падтрымліваючы антываенны наратыў. Маўляў, ці хочаш, каб я і вас на інвалідным вазочку пакатаў? Хаця я ня думаю, што ён укладаў такі прыхаваны і грунтоўны сэнс у тое, што робіць. Гэта яго прырода — нешта зрабіць, нешта сказаць. А разумныя людзі будуць вышукваць там глыбінны сэнс, хаця яго і няма.
Крыніца: Енергобізнес