Вольная Беларусь

Нацыянальна-вызвольны рух

Дэкларацыя аб дзеяньнях

ДЭКЛАРАЦЫЯ АБ ДЗЕЯНЬНЯХ

Нацыянальна-Вазвольнага Руху «Вольная Беларусь»

Нацыянальна-Вызвольны Рух «Вольная Беларусь» ставіць задачы:

— дэакупацыі Беларусі; вызваленьня Беларусі з-пад расейскай акупацыі і ліквідацыю антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі;

— недапушчэньня да ўлады ў Беларусі прарасейскай апазыцыі, якая выступае пад відам змаганьня за дэмакратыю супраць рэжыму Лукашэнкі але з пэрспэктывай апоры на Расею ды на супрацоўніцтва з Масквой і з прамаскоўскімі левымі сіламі на Захадзе;

— спрыяць арганізацыі і стварэньню Беларускага Народнага Трыбуналу над Лукашэнкам і над злачынцамі рэжыму Лукашэнкі;

— спрыяць арганізацыі і надзвычайнаму правядзеньню люстрацыі з мэтай адлучэньня ад працэсаў функцыянаваньня ўлады, кіраваньня краінай і ўплыву на грамадзтва асобаў, якія таемна супрацоўнічалі з ворагамі Беларускаай нацыі і спрыялі варожай антынароднай палітыцы;

— вызваліць з турмы ўсіх вязьняў, схопленых і асуджаных незаконна па прыдуманых палітычна матываваных прычынах;

— спрыяць заключэньню тымчасовых дамоваў аб партнёрстве і ўзаемападтрымцы з сусядзямі – Украінай, Польшчай, Летувой, Латвіяй;

— абапіраючыся на зьмест Будапэшцкага мэмарандуму 1994 года, зьвярнуцца да Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікабрытаніі аб гарантыях незалежнасьці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;

— вярнуць законную Канстытуцыю 1994 года;

— спрыяць усталяваньню парляманцкай рэспублікі і адмене выканаўчый прэзыдэнцкай улады;

— стварыць Народную Выбарчую Камісію па выбарах і правесьці свабодныя выбары ў парлямант Рэспублікі Беларусь згодна з заканадаўствам і Канстытуцыяй 1994 года.

З мэтай рэалізацыі гэтых задач Нацыянальна-Вызвольны Рух «Вольная Беларусь»:

— падтрымлівае збройныя сілы Украіны ў барацьбе супраць расейскага агрэсара;

— уступае ў кааліцыю з усімі беларускімі вызвольнымі нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі;

— наладжвае салідарныя дачыненьні па галоўных патаньнях вызваленьня Беларусі з усімі беларускімі арганізаванымі ўтварэньнямі.

— наладжвае супрацоўніцтва з палком Каліноўскага, дапамагае яму матар“яльна, ідэйна і палітычна, спрыяе перарастаньню палка ў беларускую нацыянальную збройную фармацыю;

— распрацоўвае варыянты пазбаўленьня Беларусі ад расейскай акупацыі і спосабы ліквідацыі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.

Магчымы варыянт дзеяньняў і падзей:

— У выніку паразы Расеі ў вайне з Украінай і ў выніку масавых народных пратэстаў у Беларусі будзе створаны Рэвалюцыйны Тымчасовы Нацыянальны Урад (РТНУ)на аснове Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь» і ўсіх кааліцыйных беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў з апорай на пратэстны народ, на Полк Каліноўскага і на беларускія збройныя фармаваньні, што ваююць на баку Украіны супраць расейкіх агрэсараў;

— Тымчасовы Урад аб“яўляе аб дзеяньнях у народных інтарэсах і карыстаецца тымчасовай рэвалюцыйнай легітымнасьцю, ажыцьцяўляе вышэй пададзеныя задачы;

— праводзіць зьмену кіраўніцтва дзяржаўных структур і роспуск антынародных наслаеньняў і фармаваньняў;

— кіраўніцтва бюракратычных структураў будзе прыведзена да прысягі новай тымчасовай беларускай уладзе і законнай Канстытуцыі 1994 года альбо зыйдзе з займаемых пасадаў;

— да выбараў парляманту будзе ўведзена ў дзеяньне тымчасовая падаткавая сістэма зь мінімумам падаткаў дзеля выжываньня людзей і хуткага разьвіцьця прадпрыймальніцтва;

— антынародныя законы і дэкрэты злачыннага рэжыму будуць адменены;

— антынацыянальныя зьдзелкі злачыннага нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, заключаныя з Расеяй, прыгнятаючыя крэдыты, антынародныя пагадненьні і «саюзы» будуць адмененыя Тымчасовым Урадам;

— будуць стварацца ўмовы для палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва па вектары «Поўнач-Поўдзень» з арыентацыяй на стасункі з суседзямі, з Эўразьвязам і дэмакратычным сьветам, з пэрспэктывай утварэньня Балта-Чарнаморскай Супольнасьці свабодных краін;

— пасьля выбраньня парляманту на вольных дэмакратычных выбарах і пасьля фармаваньня Канстытуцыйнага Народнага Ураду Рэспублікі Беларусь Рэвалюцыйны Тымчасовы Нацыянальны Урад спыняе свае функцыі.

24 чэрвень 2023 г.
Вальны Сойм.
Варшава

Падзяліцца ў сваіх сац сетках: