Канцэпцыя праекту
Гістарычная даведка
Сучасны адміністацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюзу. Канчатковыя змены межаў абласцей былі прынятыя ў 1954 годзе.
На той момант плошчы тэрытарыяльных адзінак першага ўзроўню (абласцей) ў рэспубліцы прыблізна адпавядалі плошчам у суседніх Украінскай ССР і еўрапейскай частцы РСФСР. Гэта было выклікана агульнай палітычнаэканамічнай прасторай і вялікімі маштабамі адзінай краіны. Варта адзначыць, што ўсе змены ў тэрытарыяльным падзеле БССР, былі ініцыяваны і пазней зацверджаны цэнтральнымі ўладамі з Масквы. У выніку гэтага рэспубліка атрымала вобласці, якія па сваёй плошчы адпавядалі некаторым еўрапейскім дзяржавам, альбо былі нават большыя.
Для даведкі : Гомельская вобл. – 40 372 кв.км., Віцебская вобл – 40 051 кв.км, Мінская вобл. – 39 854 кв.км. ( Данія – 42 895 кв.км, Нідэрланды – 41 526 кв.км, Швэйцарыя – 41 290 кв.км, Бельгія – 32 528 кв.км.)
Нягледзячы на гэта, тэрыторыя Беларускай ССР, у межах Савецкага Саюзу, мела больш-менш сбалансаваны склад насельніцтва як па абласцях з раёнамі, так і суадносінах горад-вёска. У цэлым, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі, у складзе СССР, адпавядаў тым мэтам, якія ставіла перад сабой вялікая краіна і не меў негатыўнага ўплыву на развіццё тэрыторый той эпохі.
У 1991 годзе Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай. Але, на жаль, змяненне статусу рэспублікі не прывяло да правядзення шырокіх рэформ як у палітычным, эканамічным жыцці, так і ў адміністрацыйных пытаннях функцыянавання краіны. Больш таго, адбылася кансервацыя старых, замшэлых формаў дзяржкіравання, якія ў сучасным, дынамічна развіваючым свеце вядуць да дэградацыі Беларусі.
Беларусь стаіць перад неабходнасцю правядзення шырокага пакету рэформаў, закранаючых практычна ўсе сферы жыцця, але на адным з першых месц стаіць рэформа дзяржкіравання з пераходам на новы узровень самакіравання рэгіёнамі.
Мэты правядзення рэформы і накірунак
Адміністрацыйна – тэрытарыяльная рэформа з’яўляецца састаўной часткай рэформы дзяржкіравання і мае за мэту ўтварэння больш сбалансаваных, кампактных па памерах, тэрытарыяльных утварэнняў, якія ў сучасных умовах змогуць больш дынамічна рэагаваць на ўзнікаючыя праблемы. А таксама больш якасна і эфектыўна праводзіць рэформы і ажыццяўляць іх кантроль.
Галоўная мэта праекту, акрамя пашырэння функцый мясцовага самакіравання, гэта выпраўленне дысбалансу, які мы назіраем зараз, ў эканамічным, сацыяльным і дэмаграфічным развіцці рэгіёнаў сучаснай Беларусі. З-за адсутнасці працы людзі пакідаюць вёскі, мястэчкі і малыя гарады, аддаючы перавагу сталіцы альбо абласным цэнтрам. За апошнія 30 год мы бачым падзенне колькасці жыхароў па абласцях да 25%, па раёнах да 30-40%, і ў той жа час рост насельніцтва ў абласных цэнтрах і сталіцы на 20-30% і болей.
Тэндэнцыя можа прыняць незваротны характар, што прывядзе да апустошвання і заняпаду вялікіх па плошчы тэрыторый.
Крокі, якія неабходна прыняць, для выпраўлення бягучай сітуацыі і пераходу да паказчыкаў станоўчага росту:
1. Утварэнне 10 новых тэрытарыяльных адзінак першага ўзроўню вакол найбольш буйных раённых цэнтраў рэспублікі, за кошт змяншэння сучасных плошчаў абласцей. Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Орша, Пінск, Маладзечна, Ліда, Слуцк, Мазыр+Калінкавічы, Полацк+Наваполацк – становяцца новымі паўнавартаснымі рэгіянальнымі цэнтрамі.
Такім чынам Беларусь будзе складацца з 15 тэрытарыяльных адзінак першага ўзроўню і прыраўнянай да іх сталічнай акругі. Станоўчым бокам гэтага кроку будзе тое, што мы адразу павышаем статус новых рэгіянальных цэнтраў. Даём ім магчымасць самастойна фармаваць сваю сацыяльна-эканамічную палітыку на аснове фармавання ўласных бюджэтаў.
Новыя рэгіянальныя цэнтры становяцца больш даступнымі для сваіх жыхароў, адлегласці паміж імі і астатнімі населенымі пунктамі ў асноўным не будуць перавышаць 100 км. (Зараз гэта адлегласці ў 150-200-250 км). Варта адзначыць, што павялічыўшы колькасць рэгіянальных цэнтраў, мы раўнамерна іх размяшчаем па тэрыторыі ўсёй рэспублікі, у адрозненні ад сучаснай мадэлі, дзе пяць з шасці абласных гарадоў знаходзяцца фактычна на граніцах краіны. Самі па сабе новыя тэрытарыяльныя адзінкі будуць у тры разы меншыя за сучасныя вобласці, што зробіць іх больш кампактнымі, кіруемымі і жыццяздольнымі.
Пры ажыццяўленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы мэтазгодна змяніць сучасную назву вобласць на гістарычную – ваяводства, альбо на больш нейтральнае – край.
Ніжэй прыводзіцца мапа, як узорны варыянт, распрацаваная ў 2010 годзе. Кожнае з ваяводстваў выдзеленае ў асобны колер з указаннем цэнтра і межы адміністрацыйных адзінак другога ўзроўню

2. Утварэнне муніцыпальных адзінак другога ўзроўню з сучасных сельскіх саветаў, мястэчак і невялікіх гарадоў. Прыблізная колькасць – 1 300 адзінак. У дадзенай працы муніцыпальныя адзінкі другога ўзроўню робяцца ключавымі звёнамі рэформы. Менавіта на другім узроўні і будуць вырашацца асноўныя пытанні мясцовага самакіравання тэрыторый. Прычым надзяленне паўнамоцтваў, як для сельсавету ў тысячу жыхароў, так і для гораду ў дваццаць тысяч павінны быць аднолькавымі. Для іх функцыянавання будзе распрацаваны тыповы статут.
Пашырэнне паўнамоцтваў муніцыпальных адзінак такіх як вялікія сёлы, мястэчкі, гарады робіць залішнім захаванне адміністрацый былых раёнаў.
Самі тэрыторыі былых раёнаў могуць быць умоўна захаваныя для адсочвання і аналізу статыстычных дадзеных і функцыянавання некаторых службаў, якія не мэтазгодна трымаць у кожнай адміністрацыйнай адзінцы другога ўзроўню.
Такім чынам, Беларусь пераходзіць ад трохузроўневай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сістэмы да двухузроўневай.
Раённыя паўнамоцтвы са старой сістэмы пераразмяркоўваюцца паміж муніцыпалітэтамі другога ўзроўню і адміністрацыямі ваяводстваў.
Прынцыпова мяняецца сістэма дзяржаўнага ўладкавання Беларусі. Мы пераходзім ад схемы: Дзяржава – Вобласць – Раён – С.Савет, да: Муніцыпалітэт – Ваяводства – Дзяржава.

Муніцыпалітэт і канкрэтныя людзі ў ім пражываючыя выходзяць на першы план у дзяржаўным будаўніцтве.
3. Утварэнне статутных гарадоў.
Сталіца Беларусі і цэнтры ваяводстваў надзяляюцца спецыяльным статусам, які надае ім права самастойна распрацоўваць і прымаць гарацкі Статут і вызначаць парадак самакіравання.
Акрамя 16 гарадоў, цэнтраў ваяводств, правам статутнага гораду можа надзяляцца буйны прамысловы і культурны цэнтр, які ў стане, адносна самастойна, праводзіць сваё эканамічнае, сацыяльнае, культурнае развіццё. Прыкладам такіх гарадоў у Беларусі з’яўляюцца: Салігорск, Жодзіна, Жлобін, Светлагорск, Кобрын. Да пераліку гэтых гарадоў, як даніну павагі, можна дадаць першую сталіцу ВКЛ – Наваградак.
Высновы
Сенняшняя беларуская рэчаіснасць – гэта дынамічнае развіццё сталіцы, павольнае развіцце пяці абласных цэнтраў, заняпад астатніх гарадоў, мястэчак і вёсак.
Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення павінна пераразмеркаваць існуючыя паўнамоцтвы тэрытарыяльных адзінак а таксама перанакіраваць дзяржаўныя фінансавыя патокі такім чынам, каб развіцце краіны адбывалася не ў накірунку сталіца – вобласць – раён – вёска, а наадварот вёска(муніцыпалітэт) – ваяводства – краіна. Чалавек, асоба робіцца ў гэтай сістэме каардынат асноўным і галоўным бенефіцыярам.
- Паўнамоцтвы муніцыпалітэтаў – гэта ўтрыманне ў працоўным стане інфраструктуры сваіх тэрыторый: вуліц, тратуараў, вадаправодаў, каналізацый, утылізацыя адходаў, мясцовы грамадскі транспарт, спартыўныя і культурныя аб’екты, дзіцячыя спартыўныя секцыі і мастацкія кружкі, развіццё прадпрымальніцтва, ахова грамадскага парадку.
- Паўнамоцтвы ваяводстваў – гэта шляхі зносін унутры ваяводства, грамадскі транспарт, сістэма аховы здароў’я, сістэма адукацыі, сістэма сацыяльнага забяспечання, ахова навакольнага асяроддзя, сельская і лясная гаспадарка, развіцце рэгіянальных бізнеспраектаў і інвестпраграм.
- Паўнамоцтвы дзяржавы, гэта міжнародныя гандлёвыя і палітычныя стасункі, інвестпраекты дзяржаўнага маштабу, забеспячэння бяспекі па перыметру меж і ўнутры краіны, міжрэгіянальныя шляхі зносін, чыгуначны і рачны транспарт, міжнародныя аэрапорты, энэргетычная сістэма, фінансавая сістэма, пенсійная сістэма, пошта.
Менавіта такое дзяржаўнае ўладкаванне натуральным чынам дэцэнтралізуе Беларусь і пазбавіць у далейшым ад варыянтаў аўтарытарнай мадэлі кіравання.
Дадзеная рэформа з’яўляецца адной з ключавых у цэлым пакеце рэформаў неабходных нашай дзяржаве. На аснове прынятых змен у адміністрацыйнатэрытарыяльным дзяленні Беларусі неабходна распрацоўваць далейшыя рэформы ў сістэме дзяржкіравання, мясцовага самакіравання, выбарчай сістэме, падатковай сістэмы і г.д.
Для больш дэтальнай перапрацоўкі дадзенай канцэпцыі ў паўнавартасны Закон неабходна стварыць групу спецыялістаў з практычнымі ведамі ў дзяржкіраванні, юрыспрудэнцыі, падаткаабкладанні, фінансах.
Сяргей Валеваты
21.1.2021